HomeЗвязацца з намі

Звязацца з намі

Хто мы? 

Гэты архіў створаны ў межах кампаніі “Спадчына ў дзеянні”, абвешчанай чальцамі ініцыятывы ICOMOS-Беларусь – нефармальнага згуртавання экспертаў у галіне захавання культурнай спадчыны Беларусі. Сярод нас – прафесійныя рэстаўратары, музейшчыкі, культурніцкія менеджэры і актывісты, якія сёння жывуць у шматлікіх краінах свету, аб’яднаныя ўсвядомленай неабходнасцю развіцця беларускай культуры і спадчыны.

Мы верым у тое, што культурная спадчына – не старыя камяні ці фальклор. Перадусім спадчына – гэта патэнцыял для развіцця сацыяльных, эканамічных і, вядома, культурных стасункаў. Мы выступаем за тое, каб шукаць новыя формы яе інтэрпрэтацыі, а таксама новыя метады яе захавання і аднаўлення. Мы перакананыя, што багаты еўрапейскі і сусветны досвед работы са спадчынай з’яўляецца бясконцай крыніцай натхнення для адпаведнай беларускай сферы. 

За больш чым 20 гадоў, што дзейнічае наша ініцыятыва, мы мелі дачыненне да арганізацыі шматлікіх летніх школ, канферэнцый, фэстаў, конкурсаў ды публікацый. Калі-небудзь мы напішам уласную падрабязную гісторыю, а пакуль будзем разам ствараць агульную вялікую гісторыю захавання культурнай спадчыны Беларусі. 

Што мы робім?

Гэты архіў прысвечаны творцам, даследчыкам, грамадскім ініцыятывам і арганізацыям, якія зрабілі ўнёсак у захаванне нашай спадчыны. Мы збіраем тут усё, што сведчыць аб аграмаднай працы, якую дзесяцігоддзямі рабілі беларусы каб ідэнтыфікаваць, захаваць або аднавіць архітэктурныя помнікі або элементы нематэрыяльнай спадчыны. Пачынаючы ад 1920-х, праз 1960-я і 1990-я гады гэтыя людзі і арганізацыі, якія працавалі са спадчынай, фактычна адтварылі саму Беларусь, як самастойную культурную прастору. І гэта праца працягваецца! 

Архіў прызначаны: 

- творцам;

- даследчыкам; 

- грамадскім ініцыятывам

- журналістам і аўтарам гістарычных медыя-праектаў. 

Сабраны архіў фота будзе часткова публікавацца тут і ў сацыяльных сетках праекта (facebook, instagram). Артэфакты будуць выкарыстаны ў выставачных і выдавецкіх праектах, яны стануць сюжэтамі для артыкулаў і публікацыях, а таксама будуць выкарыстаны ў новых даследаваннях па тэме захавання культурнай спадчыны Беларусі. 

Што мы збіраем? 

- фотаздымкі; 

- успаміны; 

- архіўныя дакументы і даследванні; 

- іншыя матэрыялы, якія сведчаць аб той аграмаднай працы, якую дзесяцігоддзямі рабілі беларусы дзеля захавання ці аднаўлення нашай культурнай спадчыны. 

Як прыняць удзел? 

Калі вы маеце пытанні ці прапановы, калі вы захоўваеце каштоўныя дакументы ці фотаздымкі, якія праліваюць святло на гісторыю захавання нашай спадчыны, ёсць два варыянта звязацца з намі. 

Першы варыянт: калі вы валодаеце каштоўнымі матэрыяламі, мы просім запоўніць папярэднюю форму для іх апісання.

Мы звяжамся з вамі, каб удакладніць колькасць і якасць гэтых матэрыялаў. Перадусім нас цікавяць іх алічбаваныя копіі. Мы папросім вас зрабіць кароткія анатацыі: год і апісанне, гісторыі людзей ці месцаў, захаваных на здымках. Калі ў вас ёсць арыгіналы фатаграфій, мы можам дапамагчы іх адсканаваць. 

Другі варыянт: калі вы маеце пытанні ці прапановы, калі ласка пішыце нам на пошту belarus.heritage.history@gmail.com

Нарэшце, запрашаем падпісвацца на нашы сацсеткі:

FB  Instagram